Беларускія калыханкі.
Шаноўныя мае чытачы! Доўгі час у інтэрнэце існаваў выдатны сайт - калекцыя бэларускіх народных і аутарскіх калыханак у Дзеда-Барадзеда (на сайце таксама была й фанатэка!). Я не бачыў патрэбы дубліраваць яе. На жаль, гэтага рэсурсу больш няма. На гэтай старонцы - толькі малы фрагмент з велізарнага скарбу беларускай народнай калыханкі...
* * *
Люлі-люлі-люлі,
Прыляцелі куры
Селі на варотах
У чырвоных ботах.
Сталі куры сакатаць,
Трэба курам нешта даць.
Ці ячменю жменю,
Ці жыта карыта,
Ці бобу каробу,
Ці гароху троху,
Ці ярыцы паўмяліцы,
Ці пшаніцы паўдайніцы,
А дзіцяці – цыцы.
* * *
Люлі-люлі-люлі,
Прыляцелі куры
Селі на варотах
У чырвоных ботах.
Сталі куркі сакатаць,
Трэба куркам есці даць.
Пасыпім ім грэчкі,
Каб неслі яечкі.
Куры грэчкі не ядуць
І яечак не нясуць.
Сталі куркі сакатаць,
Трэба куркам есці даць.
Пасыпім гароху.
Хай ядуць патроху.
І гарох не ядуць,
І яечак не нясуць.
Злазьце, куркі, вы з варот
Ды ідзіце ў гарод.
Бо Міронку трэба спаць,
А мне яго калыхаць.
А вы, куркі, – гультаі,
Дык хадзіце па раллі.
* * *
Люлі-люлі-люлі,
Палез кот па дулі,
Памарозіў лапкі,
Дайце кату тапкі!
* * *
Люлі, люлі, ўсе паснулі,
А сыночак спаць не хоча
Люлі, люлі, люлі. Люлі, люлі, люлі.
Засынаюць кураняткі
Пад крыламі сваёй маткі.
Люлі, люлі, люлі. Люлі, люлі, люлі.
Шэры коцік спіць у куце,
А сабачка спіць у будзе.
Люлі, люлі, люлі. Люлі, люлі, люлі.
А па сенцах ходзіць бай –
Спі, сыночак, засынай!
Люлі, люлі, люлі. Люлі, люлі, люлі.
|